А́ЛЬБІНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.

Існаваў у 2-й пал. 16 — 2-й пал. 19 ст. ў прыгарадзе Нясвіжа Альба. Пл. больш за 200 га. На пач. 17 ст. пабудаваны эрмітаж, драўляны палац «Кансаляцыя», персіярня. Цэнтрам кампазіцыі быў 2-павярховы мураваны палац анфіладнай планіроўкі, накрыты дахоўкай і завершаны 2 вежачкамі з ляпнымі гербамі Радзівілаў.

У паўн.-зах. частцы ансамбля размяшчаліся «звярынец» (пл. каля 90 га) і фазанавае поле (пл. каля 65 га), у цэнтры — круглы вадаём з востравам і паляўнічым павільёнам, да якога сыходзіліся 8 каналаў. Пры рэканструкцыі ансамбля ў 1780-я г. (арх. Л.Лутніцкі, К.Спампані) уздоўж каналаў зроблены добраўпарадкаваныя набярэжныя. На набярэжнай вял. канала стаяў драўляны касцёл св. Тройцы (з трыма пазалочанымі меднымі купаламі, 12 разнымі алтарамі) і званіца. Пабудовы ансамбля не зберагліся, часткова захаваліся паркавыя насаджэнні.

Літ.:

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 36—38.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)